УО́ГА ТА́ЙЛЕРА ПАЎСТА́ННЕ 1381,

найбуйнейшае сялянскае паўстанне ў сярэдневяковай Англіі. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі сялян у сувязі з развіццём таварна-грашовых адносін. Важную ролю ў яго ідэалаг. падрыхтоўцы адыгралі пропаведзі Дж.Уікліфа і лалардаў. Пачалося ў маі 1381 у паўд.-ўсх. Англіі і неўзабаве ахапіла 25 графстваў. Кіраўнікі: рамеснік (верагодна, былы салдат) Уот Тайлер і святар Дж.​Бол. Паўстанцы пры дапамозе рамеснікаў і гар. беднаты 13 чэрв. ўвайшлі ў Лондан, дзе забілі многіх чыноўнікаў. Кіраўнікі паўстання 14 і 15 чэрв. падалі каралю Рычарду II петыцыі, у якіх патрабавалі знішчэння прыгонніцтва, устанаўлення цвёрдай грашовай рэнты, свабоднага гандлю, вяртання сялянам адабраных феадаламі абшчынных угоддзяў, а таксама ўраўнавання саслоўяў, секулярызацыі царк. і манастырскіх зямель і падзелу іх паміж сялянамі, амністыі паўстанцам. У час перагавораў Уот Тайлер па-здрадніцку забіты. Паўстанне жорстка задушана рыцарскім апалчэннем, Дж.​Бол пакараны смерцю. У.Т.п. нанесла моцны ўдар па феад. ладзе, паскорыла працэс вызвалення сялян ад прыгону і замены паншчыны грашовай рэнтай.

Літ.:

Ивонин Ю.Е. «Когда Адам пахал, а Ева пряла, кто был в Англии дворянином?» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

М.​Г.​Нікіцін.

Да арт. Уота Тайлера паўстанне 1381. Забойства Уота Тайлера 15.6.1381. Гравюра 15 ст.

т. 16, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)